драўляны зэдлік   С.Б.Е.Ў.К.: чытай, што пішуць
 


Артыкулы
 
level up!

Як лёгка і проста пісаць лацінкай    

Час сямібітнага ASCII даўно мінуў. Мінуў і больш ніколі ня вернецца. Ступень выкарыстаньня шматбайтавых кадыровак павялічваецца з кожным днём. Гэта робіць магчымым выкарыстаньне альтэрнытыўнай графікі. І лацінкі таксама.

Доўгі час было незразумела, як розныя разумныя дзядзькі пішуць лацінкай, бо яны ніколі не раскрывалі сваіх сакрэтаў. Надыйшоў час паглядзець на вантробы таямніцы. Вельмі хутка ты даведаешся, як жа яны гэта робяць, і што здабыць сымбалі беларускай лацінкі нашмат прасьцей, чым гэта здаецца няўзброеным мозгам. Уся справа ў тым, што гэта хоць і проста, але не зусім відавочна. А вось здабываць лацінку мы будзем пад Windows 2000/XP, як пад найбольш распаўсюджаныя і зручныя для гэтага сыстэмы. Калі ў цябе Windows 95/98, то раю адразу ж забіць на ідэю пісаць лацінкай, бо нармальна там рабіць гэта немагчыма. І ненармальна таксама. А калі ў цябе любая іншая сыстэма, то, спадзяюся, табе лёгка будзе абагульніць прыведзеныя тут ідэі.

Насамрэч, спосабаў шмат. Таму прапаную табе іх, а твая задача — выбраць найбольш зручны і прыдатны. Паехалі!

Спосаб нуль: канвэртавальніцкі

Нашто ламаць сабе галаву, калі можна проста напісаць кірыліцай тое, што трэба напісаць лацінкай, узяць які-небудзь канвэртатар тэксту з кірыліцы ў лацінку і проста перагнаць патрэбны кавалак тэксту? Можна. Але гэта нецікава. Да таго ж, калі трэба пісаць лацінкай часьцей за два разы на год, спосаб робіцца нязручным. Тым больш, кірылічнай раскладкі можа проста ня быць. І яшчэ адзін адмоўны момант: на сёньняшні дзень не існуе ўнівэрсальнага канвэртатара, які б не напароў памылак у якой-небудзь спэцыфічнай канструкцыі, таму пасьля давядзецца ўсё правяраць уручную і выпраўляць знойдзеныя памылкі. Няхай іх вельмі, вельмі няшмат, але часам яны трапляюцца.

Спосаб адзін: таблічны

Запускаеш «Табліцу сымбаляў» (Start › Run › «charmap»). Выбіраеш які-небудзь юнікодавы шрыфт (напрыклад, Tahoma), а набор сымбаляў вызначаеш як «Юнікод». Пасьлядоўна вылучаючы патрэбныя сымбалі і націскаючы «Выбраць» складаеш слова. Пасьля цісьнеш «Капіяваць», і складзенае слова трапляе ў буфэр абмену. Зараз яго можна ўставіць у любую праграму праз Рэдагаваньне › Уставіць, або проста націснуўшы Ctrl+V.

Таксама можна капіяваць з табліцы сымбаляў ня ўсе сымбалі, а толькі тыя, што маюць дыякрытычныя знакі, а астатнія ўводзіць з клявіятуры. Гэта ня толькі спрашчае ўвод, але і паскарае яго.

спосаб адзін: таблічны

Спосаб два: аўтазаменавы

Для гэтага спатрэбіцца MS Word. Хай гэта будзе Word XP. Схема работы наступная: калі націскаеш пэўную пасьлядоўнасьць клявішаў, Word яе замяняе іншай. Скажам, хай Word замяняе спалучэньні «s^» на «š». Для гэтага адкрываеш акно Сэрвіс › Аўтазамена і дадаеш адпаведнае правіла. І так для ўсіх літараў лацінкі, якія немагчыма ўвесьці з клявіятуры. Сымбалі з дыякрытычнымі знакамі можна капіяваць з «Табліцы сымбаляў». Рэгістар літараў Word карэктуе аўтаматычна, таму дастаткова ўводзіць толькі правілы для маленькіх літараў. Варта зазначыць, што для кожнай мовы свой слоўнік аўтазамены. І правілы аўтазамены будуць працаваць толькі з тэкстам той мовы, для якой яны былі створаныя. Мову тэксту можна вызначыць у дыялёгу Сэрвіс › Мова › Вызначыць мову. Часам замена адбываецца не адразу: пасьля ўводу наступнай літары або пасьля націску прагала. Але гэта неістотна.

спосаб два: аўтазаменавы

Таксама карыстаючыся MS Word можна ўводзіць дыякрытычныя літары праз Уставіць › Сымбаль. Гэты спосаб вельмі падобны на першы.

У іншую праграму тэкст можна скапіяваць, напрыклад, праз буфэр абмену.

Спосаб два з паловай: юнірэдавы

Па сутнасьці, гэта тая самая аўтазамена, але спосаб адрозьніваецца ад папярэдняга тым, што рэалізуецца пры дапамозе невялікай бясплатнай праграмкі UniRed. Апошнюю вэрсію праграмы можна ўзяць на старонцы http://www.sourceforge.net/projects/unired/. Падрабязная інструкцыя па наладцы і выкарыстаньні лацінкі ў праграме прыведзеная ў першакрыніцах. Да таго ж першыя сем пунктаў разьдзелу «Падрыхтоўка» хоць і здаюцца незвычайна складанымі, іх можна прачытаць проста для азнаямленьня, у тым ліку і са спосабамі дадаваньня і рэдагаваньня ўласных спалучэньняў сымбаляў.

спосаб два з паловай: юнірэдавы

Спосаб тры: раскладкавы

Але як пішуць нармальныя людзі? Націскаюць на клявішу і атрымліваюць літару. І ніякіх табліц, капіяваньняў і канвэртаваньняў. Нашто патрэбныя ўсе гэтыя вычварэньні, калі можна проста націскаць на клявішы? Усё, што для гэтага трэба — раскладка клявіятуры. І, як ні дзіўна, яе нават можна знайсьці. Па адрасе http://www.zedlik.com/lacinka/pragramy/kbdbeltp/ можна ўзяць раскладку беларускай лацінкі «Belarusian (Latin) Programmers». Яна зьяўляецца зваротна сумяшчальнай з раскладкай ангельскай мовы, акрамя двух акалічнасьцяў: клявішы «`» і «~» зьяўляюцца мёртвымі, то бок працуюць наступным чынам. Пасьля націску на адну з гэтых клявішаў сыстэма запамінае, якая клявіша была націснутая, і чакае націску наступнай. Спалучэньне сымбаляў, якое атрымаецца пасьля націску дзьвюх клявішаў, сыстэма шукае а адмысловай табліцы сымбаляў, якая адпавядае першай націснутай клявішы з пары. Пэўным камбінацыям адпавядае пэўная літара з дыякрытычным знакам. Усе яны прыведзеныя ў апісаньні самой раскладкі. Калі спалучэньне сымбаляў у табліцы ня знойдзена, вяртаюцца абодва ўведзеныя сымбалі: той, які адпавядае мёртвай клявішы, і той, які адпавядае клявішы, націснутай пасьля яе. Каб атрымаць проста сымбаль, які адпавядае мёртвай клявішы, трэба пасьля ейнага націску націснуць на прагал. Літары беларускай лацінкі, якія ўтрымліваюць дыякрытычныя знакі, уводзяцца з выкарыстаньнем мёртвых клявішаў. Хоць на словах гэта выглядае складаным, на справе нічога складанага там няма: трэба проста паспрабаваць.

Але ў раскладцы прадугледжаныя два спосабы ўводу літараў, якіх не хапае на стандартнай клявіятуры. Другі спосаб — адначасовы націск спалучэньня клявішаў AltGr (правы Alt або спалучэньне любых клявішаў Ctrl і Alt) і якой-небудзь яшчэ, якой адпавядае тая ці іншая літара ці сымбаль. Схемы прыведзеныя ў апісаньні раскладкі.

Яшчэ адна альтэрнатыўная раскладка — Belarusian (Latin) (Custom) — мае літары беларускай лацінкі разьмешчаныя замест нячаста ўжывальных сымбаляў. Гэтую раскладку ўжо нашмат цяжэй выкарыстоўваць у якасьці альтэрнатывы раскладцы ангельскай мовы з магчымасьцю ўводу ўсіх літараў беларускай лацінкі, але хоць гэта зрабіць і магчыма, раскладка мае свае плюсы і мінусы.

Такім чынам, калі ты вырашыш спыніцца на гэтым спосабе ўводу літараў, то можаш выбраць сабе раскладку па сваім гусьце. Усталяваньне раскладкі ў сыстэму не выклікае ніякіх цяжкасьцяў і падрабязна расьпісанае ў файлах апісаньня, якія можна знайсьці ў пакунку раскладкі. А выкарыстоўваць яе — як і любую іншую раскладку клавіятуры: націскаць на клявішы і атрымліваць вынік.

Спосабы чатыры і пяць

Увогуле, прыведзенага тэксту ўжо хопіць, каб зрабіць нялёгкі выбар. Але яшчэ застаюцца два варыянты, якія, безумоўна, можна выкарыстоўваць, але стадыя іхнай падрыстоўкі да выкарыстаньня крыху цяжэйшая за ўсе разгледжаныя. Але, магчыма, табе таксама варта іх паспрабаваць.

Ёсьць такая файная праграмка Parawin XP, якая пасьля сваёй інтэграцыі ў сыстэму дазваляе ствараць уласныя раскладкі, такія, якія хочаш ты, зь любымі знакамі і сымбалямі. Ніхто не перашкаждае стварыць сабе і раскладку для лацінкі. Адзіная праблема — праграма камэрцыйная, і дзе яе ўзяць я ня ведаю. Таму спасылкі не прыводжу.

І апошні спосаб. На старонцы http://www.pravapis.org/download_by.asp можна ўзяць яшчэ адну раскладку лацінкі для Windows 2000/XP. Раскладка ідзе ў выглядзе dll-файла, які трэба скапіяваць у сыстэмную тэчку, абнавіць сьпіс моваў у рэестры і дадаць мову з новай раскладкай. Увесь працэс усталяваньня падрабязна расьпісаны. Адзінае, літары з дыякрытычнымі знакамі разьмешчаныя на клявіятуры ня вельмі лягічна.

Засады

Безумоўна, гэта ўсё вельмі крута. Але так склалася, што на сьвеце не існуе шырока распаўсюджанай аднабайтавай кадыроўкі, якая б утрымлівала ўсе літары беларускай лацінкі. А вось тут пачынаюцца праблемы. Праблемы з тым, што хаця пераход на Юнікод на ўзроўні апэрацыйнай сыстэмы адбыўся, яшчэ існуе шэраг праграмаў, не разьлічаных на шматбайтавыя кадыроўкі. Магу сказаць, што выкарыстоўваць лацінку там будзе проста немагчыма. Добра тое, што папулярных сярод такіх праграмаў вельмі мала. Зь іншага боку, пэўныя праграмы, якія дэкляруюць і падтрымліваюць шматбайтавыя кадыроўкі на ўзроўні коду, насамрэч выкарыстоўваюць спосаб уводу, які залежыць ад кадыроўкі. Аднабайтавай кадыроўкі, якая адпавядае пэўнай мове. І гэта ў першую чаргу праблема кадыровак. Хоць праграма мае юнікодны інтэрфэйс з боку коду і выкарыстоўваецца юнікодны спосаб уводу, усе перавагі Юнікоду губляюцца пры выкарыстаньні мовазалежнага ўводу. Сымбалі, адсутныя ад сымбаляў мовы ўводу, ўвесьці пры дапамозе раскладкі проста немагчыма. Але быў выяўлены спосаб, які дазваляе ў большасьці выпадкаў абыйсьці гэта абмежаваньне. Калі патрэбны тэкст напісаць у якой-небудзь праграме, дзе Юнікод цалкам падтрымліваецца (скажам, Notepad або Word), а пасьля скапіяваць яго праз буфэр абмену ў такую праграму, то тэкст будзе перададзены без скажэньняў.

Я ня буду прыводзіць назвы гэтых праграмаў. Яны ёсьць, і пра гэта проста трэба ведаць. Любое неадэкватнае ўспрыманьне лацінкі якой-небудзь праграмай — гэта ў большай ступені праблема з апрацоўкай Юнікоду ў гэтай праграме. Праграмы абнаўляюцца і перапрацоўваецца. I ўсё ідзе да таго, што карыстацца любым інтэрфэйсам будзе аднолькава зручна: кірыліцай, арабіцай ці лацінкай.

Апдэйт ад 25 сьнежня 2006

З раскладкай «Belarusian (Latin) Programmers» была заўважаная адна цікавая акалічнасьць. Першапачаткова яна тэхнічна грунтавалася на беларускай мове і ў сыстэму ставілася як дадатковая раскладка беларускай. Але калі пераканаць раскладку, што яна насамрэч зьяўляецца раскладкай адной з цэнтральнаэўрапейскіх моваў, і, адпаведна, паставіць у сыстэму пад адной з такіх моваў (а гэта вугорская, польская, румынская, славенская, сэрбская лаціна, харвацкая або чэская), раскладка пачынае выдатна працаваць у большасьці праграмаў, якія дагэтуль яе не разумелі. Праблема ўзьнікае хіба што толькі зь літарай «ŭ», замест якой можна выкарыстоўваць літару «ú». Вялікі крок наперад, хаця праблемы яшчэ цалкам ня выключаныя. Раскладка абноўленая да вэрсіі 1.1, але для яе ўсталяваньня ў сыстэму патрэбна выдаліць папярэднюю вэрсію.

Вялікі дзякуй Macieku Królu, які гэта заўважыў.

23.08.2005         
Камэнтары

Глядзець усе камэнтары ў Coredump
Усяго камэнтароў: 4

Zołak

05.02.2006
15:20:55
Fajna, što zrabiŭ kamentary!

Fraza: „Apdejt ad 25 śniežnia 2006”, a dakładniej słova Apdejt u łacinkavaj versii vyhladaje krychu nie zusim...
zedlik

05.02.2006
16:42:30
„Apdejt” — heta tak zadumana ;)
U mianie jość peŭnyja idei z ułasnaabełarušvaańniem zapazyčanych słovaŭ, mahčyma navat jany z časam sfarmujucca ŭ što-niebudź bolš-mienš usciamnaje.
LAWON

09.11.2007
18:31:04
pazdraulayu WAS 1935 Baranawiczy 1946 Wroclaw pl Kali laska peradajcya mnie adras meilawy na yakujus PATRJATYCZNUJU BIELARUSKUJU
Redakcyju hdzie majuc uspaminy Belarusau jakija u czas 2 suswietnaj wajny dla Belarusau supracouwali z uladami niamieckimi .Ja pamiataju
szto u naszym domie u Baranawiczach wialis hutarki szto niemcy praihrajut wajnu no astanutsia /narodziatsia / patryjoty Bielaruskija
inaczaj Narod patracic wolu samastoinasci /ŻDANIUK, Audziej.../ Zywie Bielarus
zedlik

11.11.2007
12:27:54
LAWON, на жаль, я ня маю кантактных дадзеных такой рэдакцыі альбо арганізацыі.

Дадаць камэнтар

 
 
 

навіны сайту
14.03.2015
VMS 2.9.2: адпраўка на velcom і life, падтрымка перанесеных нумароў
07.05.2012
VMS 2.9.1: выпраўленая адпраўка на velcom і life
27.04.2010
VMS 2.9: дададзены life і выпраўлены velcom
02.03.2009
Падтрымка Windows Vista для Belarusian (Latin) (Custom) Keyboard Layout
усе навіны
 
стужкі навінаў
RSS
Atom
 
не па тэме
zedlik. Пэрсанальны блог