 |
|
Панкі не памерлі
— Перапрашаю за нахабства, але ці не дапаможаце старому панку
на пляшку піва.
Голас належаў ужо ня вельмі маладому чалавеку, але выгляд ён меў,
як мае быць: заношаная брудная байка «Панкс нот дэд»,
старыя джынсы, і трохі падраныя кеды мадэлі, якая засталася ў
спадчыну яшчэ з савецкіх часоў. Крыва паголены твар таксама
паведамляў, што мужык клаў на ўсе грамадзкія і этычныя законы.
І правільна рабіў.
— Стары панк? — перапытаў я.
— Стары панк. Любая дробязь, усё, што не патрэбна... Калі
ласка...
— А што, панкам зараз рабіць няма чаго, акрамя як бухаць?
— Не, ну чаму?.. Ёсьць.
«Дык займіся!» — пранеслася ў маёй галаве, але
суразмоўца працягваў:
— Але ведаеш, шклянка гарэлкі нашмат лепей, чым...
— Чым чарніла?
— Чым наркотыкі.
Так, я зь ім згодны, лепей. Быць можа толькі таму, што гарэлка
ня так моцна ўзьдзейнічае на твой арганізм у адрозьненьне ад
наркотыкаў. Але ад гарэлкі чырванее твар і разбухае нос,
што робіць цябе прыкметным у натоўпе. Але калі ты панк, ты,
вядома, забіў на натоўп і ягоную ацэнку тваіх учынкаў. І табе ня
важна, што думае пра твае ірваныя кеды вунь той мудак у зялёным
капелюшы.
— А што, ніякай альтэрнатывы няма?
— Чаму? Ёсьць. Чарніла.
Мы зноў прыйшлі да таго самага. Я стаяў вагаючыся. Грошы зусім не
такая рэч, якую можна проста скапіяваць і пакласьці на суседнюю
дыскету. Грошай шкада. І самае галоўнае, іх ніколі не бывае шмат.
Прынамсі, у мяне не было. «Любая дробязь» — гэта
яшчэ талёнчык на тралейбус. А можа, нават і два.
— А ведаеш, куды я зараз іду? — раптам сказаў панк,
цудоўным чынам працягнуўшы гутарку, якая ўжо падышла да свайго
лягічнага канца.
Зь ім было цікава размаўляць. Трэба было знайсьці канец,
за які можна было б зачапіцца. Але ён, відавочна, сам падумаў пра тое
самае і паспрабаваў высьветліць, ці не зьяўляюся я тэлепатам. Я ім не
зьяўляўся, а таму ён з усьмешкай адказаў на сваё ж пытаньне:
— У сталоўку «Крышталь».
«А што, абавязкова трэба ісьці ў сталоўку, каб пабухаць?»
— хацеў было спытаць я, але чалавек насупраць быццам пачуў гэта і
адразу адказаў:
— Не, проста яна самая танная. Вось, напрыклад, паабедаць там
можна за 800 рублёў. Таму мне трэба назьбіраць тысячу, каб паесьці.
Есьці, халера, дужа хочацца. А пра гарэлку я пачаў таму, што на
выпіўку лепей даюць... Сасісак я ўжо купіў, сёньня зь мясам
буду.
Цяжка сказаць, навошта насамрэч яму былі патрэбныя грошы.
Магчыма, пабухаць, магчыма, паесьці. Магчыма, на яшчэ што-небудзь.
Сапраўдная прычына засталася невядомай. Файная ідэя — зьбіраць у
мінакоў на піва, а калі мінак ня вельмі прабівальны, то паспрабаваць
расчуліць яго на ежу. Бо есьці ўсім хочацца.
Тым часам мы ўжо паціху ішлі ў тым кірунку, у якім мне было трэба.
Відаць, і старому панку туды патрэбна было таксама.
— Оба на, тульпаны распусьціліся! Вось бы прайсьціся бы
касою... Калі мянтам ломіць на вуліцу выходзіць.
— А што, ёсьць час, калі ломіць? — пацікавіўся я.
— Канешне ёсьць. Вось напрыклад, рана ранкам, калі такое
надвор'е... Думаеш, лавіць яны цябе будуць? Хрэн! Сьпяць яны па
поўнай.
Магчыма. Ніколі не даводзілася касіць тульпаны на гарадзкіх
клюмбах. А надвор'е сапраўды было паганае. З самай раніцы неба
было зацягнутае цяжкімі шэрымі хмарамі, і драбнюткія кропелькі
веснавога дажджу падалі долу. Увогуле, той дзядзька зрабіў
даволі пазытыўнае ўражаньне. Нават калі ўлічваць ягоны невялічкі
пэрфоманс.
— А ё-маё! — зноў пачаў панк. — Як яны мне
надакучылі!
Доўгія разьвязаныя шнуркі заміналі ісьці. Робячы вялікія крокі,
ён стараўся не патрапіць на іх. У яго гэта добра
атрымлівалася.
— Ну, я пайду на свой тралейбус...
— А я тады да лавачкі. Як мне надакучылі гэтыя шнуркі!
Нашыя шляхі разышліся.
19.05.2004
Камэнтары
Глядзець камэнтары ў Coredump Усяго камэнтароў: 3
Ілля
19.12.2005 03:18:21 |
Вельмі цікава і выразна! |
Жыве Беларусь
16.07.2006 03:39:17 |
Прівет всем!!! |
Панк
05.10.2006 17:22:08 |
> Грошы зусім не такая рэч, якую можна проста скапіяваць zedlik, ты редкое жмыдло! Грошы, это самое большое зло, которое тебя уже поглатило.
> «Любая дробязь» — гэта яшчэ талёнчык на тралейбус. Твоя мелочная жизнь засуживает сожаления... мне тебя жалко. Думаю, не раз ты ещё "подавишся" своим талончком.
P.S. Искренне хочется надеятся, что за два прошедших с того случая года, ты уже смог избавиться от своих денег для того, чтоб наконец-то чувствовать себя свободным. |
|
|
|
|
|
 |
|