драўляны зэдлік   С.Б.Е.Ў.К.: чытай, што пішуць
 


Артыкулы
 
level up!

Арыгінальныя расходныя матэрыялы
/* асаблівасьці беларускага інтэрнэт-клюбнага функцыянаваньня */

Пэрыяд шалёнай папулярнасьці інтэрнэт-клюбаў паціху мінае. Прычым не па той прычыне, што скарацілася колькасьць карыстальнікаў, а таму што нават сусед Пеця набыў чатыры тачкі і адчыніў у бліжэйшым сутарэньні свой уласны інтэрнэт-клюб. Некаторыя карыстальнікі з часам прасяклі, што ўводзіць свае паролі ад пошты, айсік'ю і тым больш уласнага сайту ў інтэрнэт-кавярнях, мякка кажучы, ня вельмі бясьпечна і адразу ж накіраваліся ў краму за мадэмамі. А асабліва прасунутыя ў дадатак да ўсяго прасяклі яшчэ і тое, што нават уласны мадэм не ўратуе ад няўласных асабліва пільных вачэй. Але кожны дзень зьяўляюцца новыя юзэры, якім карціць паглядзець, а ці не напісала чаго дзевачка Каця на іхны новы імэйл, адрас якога яшчэ ўчора быў запісаны недзе на шматку паперы, а сёньня гэты шматок недзе схаваўся. Таму на бліжэйшыя некалькі год стабільны попыт на паслугі інтэрнэт-кавярняў забясьпечаны.

Кавярні змагаюцца за кліентаў, прапануючы акрамя, уласна, доступу ў інтэрнэт яшчэ пачак розных дробязяў: раздрукаваньне на прынтары, сканаваньне, рулі-пэдалі і астатнія вэб-камэры.

Неяк увечары я бадзяўся па горадзе, шукаючы, дзе б гэта раздрукаваць тры аркушы паперы на лязэрным прынтары з чыстым барабанам. Увечары цяжка знайсьці вольнае месца з паслугамі па прыстойных коштах. Ня дужа хацелася стаяць у чэргах і чакаць невядома колькі часу, пакуль сеткавыя графаманы адкажуць на ўсе лісты, пакінуць з тузін новых постаў на форумах і, захаваўшы на дыскету стыраны рэфэрат, падыдуць да дзяўчыны-апэратаркі, каб разьлічыцца.

Дарэчы, пра апэратарак. Аднойчы мяне занесла ў адну інтэрнэт-кавярню з той самай мэтай — нешта там надрукаваць. Падышоў да апэратаркі, і адбыўся наступны дыялёг:

— А можна ў вас раздрукаваць?

— Канешне можна!

— І колькі гэта будзе каштаваць?

— Сто рублёў — аркуш плюс машынны час, кошт якога роўны кошту работы ў інтэрнэце.

— Ды мне не патрэбны ваш інтэрнэт. Мне толькі раздрукаваць... А вось, здаецца, раней, у вас была такая фішка, што проста работа за кампутарам без інтэрнэту каштуе ў некалькі разоў таньней, чым работа у інтэрнэце.

— Ну, гэта пры наяўнасьці вольных машынаў.

Я азірнуўся, каб упэўніцца, што літаральна дваццаць сэкундаў таму мае вочы адправілі ў мозаг карэктную інфармацыю, бо альгарытм карэкцыі памылак у плыні зьвестак паміж вачыма і мозгам яшчэ ня вынайдзены. Сапраўды, чатыры ці пяць кампутараў былі свабодныя.

— Дык яны ж ёсьць, &mdash я зьвярнуўся да апэратаркі зноў.

— Але тады адзін аркуш будзе каштаваць 120 рублёў. Вы думаеце, нашая арганізацыя будзе працаваць сабе на страту?

Але, што парадавала, барабан у іх тады аказаўся чысты.

У час майго апошняга наведваньня гэтай установы вольных месцаў не было і гэта вымусіла мяне выйсьці на вуліцу. Матэрыялізацыя байтаў на паперу ўсё яшчэ была патрэбная, таму пошук прынтара працягваўся.

Чарговы клюб сустрэў мяне каляровай шыльдай «Інтэрнэт-кавярня».

— Можна ў вас раздрукаваць?

— Пачакайце адну хвілінку, калі ласка.

У гэты час апэратарка прасіла мужчыну, што стаяў побач — пэўна, які-небудзь сысадмін — прынесьці ёй чаго-небудзь паесьці.

«Ніхрана сабе кавярня,» — падумалася.

Побач з апэратаркай стаяў нейкі хлопец, спрабуючы раздрукаваць курсач. За кампутарамі сядзела некалькі чалавек. На маніторы бліжэйшага да мяне кампутара зіхацела акно «Яндакс-пашпарт». Ня сьцяне вісела фірмовая ксэраксаўская шыльдачка, якая прапаноўвала: «Выкарыстоўвайце толькі арыгінальныя расходныя матэрыялы». І лягатып «Xerox». Але нехта сваёй цьвёрдай рукой дапісаў новых літараў і пазакрэсьліваў непатрэбных так, што ў выніку атрымалася: «Мы выкарыстоўваем толькі арыгінальныя расходныя матэрыялы». Гэта ўражвала.

Тым часам першы аркуш курсача выехаў з прынтара. Я глядзеў на яго і думаў: «Якім жа гэта макарам лязэрны прынтар друкуе зь якасьцю ксэракса савецкай вытворчасьці?» Хлопец і апэратарка таксама глядзелі на тую тытульную старонку, пасярод якой можна было ўбачыць назву работы. «Лепей ня будзе,» — зазначыла апэратарка. Тут я заўважыў, што хлопец трымае ў рукох ужо раздрукаваную з такой жа якасьцю работу. На ўнутраныя старонкі паклалі ніт, але ўсё ж хацелася, каб першая была чыстай. Было відавочна, што вэртыкальныя шэрыя палосы хлопца ня вельмі задавальнялі і ён думаў, што рабіць далей. Я спытаўся:

— І гэта завецца арыгінальныя расходныя матэрыялы?

— Арыгінальныя расходныя матэрыялы? — перапытала дзяўчына. — А, ну дык гэта ж для ксэракса.

Ксэракс стаяў побач і на ім вісела налепка «Xerox». Але і на прынтары, які стаяў на паліцы, была такая самая налепка.

— Дык у вас жа на прынтары напісана, што ён «Ксэракс». — Гэта проста налепка. Ён ня «Ксэракс», ён «Лексмарк».

07.06.2004         
Дадаць камэнтар

 
 
 

навіны сайту
07.05.2008
Кірыłaca ў новым фармаце!
19.03.2008
Раскладка беларускай мовы Belarusian Typo
05.12.2007
VMS абнавілася да вэрсіі 2.8.1
02.10.2007
Выйшла VMS 2.8!
усе навіны
 
стужкі навінаў
RSS
Atom
 
вялікі брат
 
не па тэме
zedlik. Пэрсанальны блог