 |
|
Ісьціна
Яе шукалі. Глядзелі за хатай, у сенцах, на гарышчы. За ёй беглі да
небасхілу, углядаліся ў шэрае неба і выпарвалі сабраныя дажджавыя
кроплі. Пераварочвалі камяні, выдзіралі дзёрн, выпальвалі парэшткі
ў печах і студзілі іх ледзяной вадой. А яна ўсё хавалася.
Шмат хто знайшоў сваю. Менавіта тую сваю, зь якой яму добра, цёпла
і ўтульна. Вядома, кожны са сваёй ступеньню ўпэўненасьці і ўласнай
перакананасьці, са сваім стаўленьнем да яе, сваім фанатызмам, сваёй
верай у ейную адзінасьць. Шмат скалася душ і лёсаў, каб даказаць
адзін адному тое, што ягоная яна менавіта адзіна правільная і
адзіна магчымая. Зрэшты, а ці ёсьць яна і якая, ніхто дакладна
ня ведаў.
А яна была. Яна існавала заўсёды і заўсёды ейны водар лётаў у небе,
напаўняючы паветра часьцінкамі радасьці. Яна была адзінай. Шмат хто
наблізіўся да яе, спрабуючы знайсьці. Іншыя шукалі яе ў зусім іншым
кірунку. Хаця хто ведае, можа яны таксама рабілі правільна,
спрабуючы падыйсьці да яе з адваротнага боку ахінуўшы сьвет. А тыя,
хто верыў, што знайшоў яе, або што ведае кірунак, у якім варта
рушыць, каб знайсьці, апантана білі сабе ў грудзі і, сквапна
глытаючы паветра, спрабавалі схіліць у свой бок хістаючуюся
большасьць.
Большасьць ішла сваім шляхам. Туды, куды яе вялі тыя, хто ёй
кіраваў. Большасьць, якая занадта лянотная, каб думаць пра
правільнасьць шляху і непарушнасьць мэтаў, ішла ў кірунку,
пазначаным каляровай шыльдай. Часам ад вялікага натоўпу
адколваліся невялічкія групкі, каб збочыць зь нецікавай,
прыдуманай дарогі, а часам хтосьці ўліваўся назад у агульную
плынь, каб павольна і бесклапотна рухацца ў невядомым
кірунку.
Тыя, хто шчыра верыў у сваю рацыю, прысьвячалі жыцьцё
перакананьню астатніх у сваім меркаваньні. Зрэдчасу ў іх
гэта атрымлівалася, але ў большасьці выпадкаў флегматычны
натоўп або ня чуў іхнага меркаваньня, або клаў ніт на яго,
проста спажываючы толькі тое, што не патрабуе значнага
перавараньня. Але як моцна ня быў кожны з тых упэўнены ў
сваім меркаваньні, ён ня мог нават і здагадвацца, дзе знасьці
падставы пераканаць у сваіх вар'яцкіх думках яшчэ каго-небудзь,
апроч сябе і дзясятка латэнтных. Бо знайсьці аб'ектыўныя і
лягічныя доказы яму было незвычайна цяжка. Невядома дакладна,
нават ці існавалі яны.
Шмат вады выцякла з часу, калі людзі пачалі прыдумляць сабе
ісьціны. Пэўныя ссохлі і адваліліся. Пэўныя перарадзіліся.
Пэўныя вытрымалі выпрабаваньне часам. Узьніклі новыя,
трывалыя. Зьявілася палярнасьць. Палярнасьць і супрацьстаяньне
поглядаў, кожны зь якіх ня быў аспрэчаны.
Магчыма, нехта наблізіўся да яе ўжо вельмі блізка. Магчыма,
чыесьці асабістая адносная ісьціна ўжо супала з агульнай
аб'ектыўнай. Магчыма, сапраўдная ісьціна знаходзіцца яшчэ
вельмі далёка нават ад самай блізкай з тых, што калі
знаходзілі людзі. Бо ніхто ня ведае і ня можа ведаць. Ён
проста верыць у сваю маленькую-маленькую адносную ісьціну і
марыць, прыкладаючы ўсе намаганьні, каб яна зрабілася
ісьцінай чалавецтва. Невядома, ці прыдбае яно чаго ад
гэтага, бо абсалютная ісьціна ніколі і ні пры якіх
абставінах ня будзе дасягнутая. Хочацца гэта камусьці
ці не.
Ісьціна ёсьць. І кожны мусіць зрабіць свой крок убок,
каб прыкласьці да жыцьця сваю. Каб пераканацца ў ёй,
перарабіць яе ці знайсьці новую. Каб не зьвяртаючы
ніякай увагі на шэрагі нявызначыўшыхся, ісьці наперад,
у свой сьвет. І я спакойны. Бо са мной — мая
ісьціна.
5 верасьня 2006
Язэп Цубербюлер
Камэнтары
Глядзець камэнтары ў Coredump Усяго камэнтароў: 1
Андрэй
02.03.2008 17:35:34 |
І ў чым жа Ісьціна? |
|
|
|
|
|
 |
|